Гэта старажытная пушча і сёння захоўвае ў сабе шмат неразгаданых таямніц, звязаных як з жывёльным і раслінным светам, так і з яе гісторыяй. У Беларусі шмат дзівосных мясцін, адметных сваімі ландшафтамі, раслінным і жывёльным светам, а таксама гісторыяй, культурай, традыцыямі. Найбольш значныя з іх уваходзяць у сетку прыродных тэрыторый рознай вартасці, якія асабліва ахоўваюцца, — гэта запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі, помнікі прыроды. Некаторыя з іх маюць статус тэрыторый, важных для птушак (ТВП), якія вылучаны амаль у кожнай краіне свету. У Беларусі такіх тэрыторый каля пяцідзесяці.
Адной з цікавейшых ТВП у нашай краіне з’яўляецца рэспубліканскі заказнік "Налібоцкая пушча”. Велізарны масіў, які размешчаны на тэрыторыі Мінскай і Гродзенскай абласцей і ўваходзіць у склад ажно чатырох раёнаў — Валожынскага, Стаўбцоўскага, Навагрудскага і Іўеўскага, мае вялікае значэнне для захавання біяразнастайнасці. Па сутнасці, Налібоцкая пушча з’яўляецца ўнікальным леса-балотным комплексам, дзе сустракаюцца шыракалістыя і хвойныя лясы, поплаўныя і сухадольныя лугі, нізінныя пойменныя балоты, шматлікія малыя рэкі і такая вялікая, як Нёман. У дададак тут існуе складаная сістэма меліярацыйных каналаў. Усё гэта робіць Налібоцкую пушчу адной з жамчужын беларускай прыроды, але, на жаль, прафесійныя навукоўцы і проста натуралісты-аматары наведваюць яе параўнальна рэдка. Чаму? Мне здаецца, што такое становішча абумоўлена тым, што не так проста патрапіць у лясны гушчар ці дасягнуць сэрца балот. У Налібоцкай пушчы дарогі галоўным чынам — добрыя гравейкі, якія праходзяць праз лес наскрозь з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень, а вось збочыць не заўсёды ёсць куды. А калі проста пайсці ў пэўным кірунку, то трэба быць гатовым да пераадольвання мноства каналаў, якія могуць сустракацца праз кожныя сто—дзвесце метраў, балацінак і маленькіх рачулак. Такія бар’еры часам можна перайсці толькі па бярвенні або бабровай плаціне, якія трэба адшукаць і знайсці мужнасць на іх ступіць. Давайце ж зробім невялікае падарожжа па Налібоцкай пушчы, якая гатова адчыніць свае прасторы кожнаму, хто мае час збочыць з дарогі. Праз Іслач
Пачнём наша падарожжа з 87-га кіламетра шашы Мінск — Гродна, дзе перасячом адну з асноўных рэк Налібоцкай пушчы — Іслач, якая цячэ на поўначы і з’яўляецца трэцяй па памерах ракой пасля Нёмана і Заходняй Бярэзіны на гэтай тэрыторыі. Дарэчы, менавіта на Іслачы гняздуецца даволі вялікая групоўка зімародка. У гнездавы перыяд тут можна сустрэць вывадкі вялікага савука. Іслач адносіцца да басейна Балтыйскага мора, і тут водзяцца вельмі каштоўныя віды рыб: ручаёвая стронга, ліпень (еўрапейскі харыус), якія ахоўваюцца ў нашай краіне і занесены ў Чырвоную кнігу. Адзін з галоўных ТВП-утвараючых відаў у Налібоцкай пушчы — малы арлец. Ён гняздуецца ў асноўным на поўначы і поўдні, дзе прасторы паміж каналамі ствараюць выдатныя кармавыя ўмовы. У пэўных частках ляснога масіву жывуць барадатая кугакаўка, вераб’іны і махнаногі сычы. Праз дваццаць хвілін мы апынёмся сярод старых занядбалых палёў, дзе можна напаткаць зуброў. Так, вольных зуброў, якія жывуць ужо больш як дзесяць гадоў на тэрыторыі пушчы. Часцей за ўсё іх можна сустрэць у пачатку восені — тады можна назіраць шматлікі статак з дарослых жывёл і цялят, або ў зімку, калі часцей сустракаюцца групоўкі да дзесяці зуброў. Яны не надта палохаюцца чалавека і спакойна рэагуюць на праязджаючыя аўтамабілі. Найбольш захапляльна бачыць бягучых па лесе зуброў, мне даводзілася назіраць летам такі забег — уражвае! На забалочаных лугах, дзе сустракаюцца зубры, можна напаткаць журавоў, арланаў. Вясной уначы ў гэтых мясцінах даюць знаць аб сабе шэрыя кугакаўкі і нават філін.
Каго тут толькі не сустрэнеш
Далей наш шлях ідзе з пойначы на поўдзень праз лясны масіў. Мы можам збочыць да Бярэзіны, дзе знаходзіцца яшчэ адно з асноўных месцаў гнездавання зімародка. У спякотны дзень Бярэзіна з яе ўмеранай плынню і пясчаным дном — добрае месца, каб пакупацца. Па дарозе на поўдзень мы перасячом адну з невялікіх, але цікавых рэчак пушчы — Волку. Грэйдэр меліяратараў закрануў і яе, але ў асноўным пойма і асаковыя балоты па берагах захаваліся. Ранняй вясной тут можна даволі зблізку назіраць журавоў, якія вярнуліся сюды, каб вывесці птушанят або адпачыць перад далейшай дарогай. А калі пашанцуе, можна знайсці скінуты лосем рог у вольхах па берагах ракі. З сярэдзіны вясны пойма заліта галасамі пагонічаў і "хорканнем” слонак. Падчас падарожжа ёсць верагоднасць пабачыць яшчэ чатыры віды капытных, якія вольна жывуць у нашых лясах. Самыя звычайныя тут — казулі і алені, роў якіх можна слухаць з канца верасня да пачатку кастрычніка. Крыху радзей сустракаюцца ласі. Мяркую, што цяжка знайсці годнага канкурэнта для беларускага сафары. Да прыкладу, мой асабісты рэкорд — сустрэча прадстаўнікоў усіх пяці відаў капытных, якія натуральна жывуць у Беларусі, за адзін дзень. Тады я прайшла 55 кіламетраў. Увогуле рэдка якое падарожжа абыдзецца без сустрэчы хаця б казулі. Мне даводзілася назіраць абдзіраючых кару ласёў, аленіху з малым, бягучага па каналу лася, якія нават не заўважалі мяне. Калі падчас падарожжа звяртаць увагу на паверхні дарог, то можна пабачыць сцежкі ваўкоў ці рысі, асабліва ўзімку, калі адбіткі выдатна адрозніваюцца. У пушчы няма толькі што мядзведзя, а так усе рэдкія віды драпежных млекакормячых тут маюць даволі высокую шчыльнасць. Дзякуючы вялікай агульнай працягласці рэк тут жыве такі цікавы і каштоўны з экалагічнага боку гледжання від, як выдра, — зімой падчас гону яе можна бачыць нават на лёдзе. Нельга не ўспомніць пра баброў, якія рассяліліся па старых каналах, і толькі ваўкі (ахвотныя да бабровага мяса) не даюць ім вольна адчуваць сябе.
А вакол — толькі сцежкі жывёл...
А зараз давайце збочым на лясныя дарогі, каб апынуцца на былых торфараспрацоўках. Зараз яны цалкам параслі асакой. Адметная іх рыса — наяўнасць неглыбокіх невялікіх азёр, прывабных для гнездавання лебедзя клікуна, балотнай савы. Падчас міграцыі тут спыняюцца чароды журавоў і гусей. Рухаючыся ўздоўж Жоўта-Нёманскага канала, дзе мне даводзілася ўзімку назіраць беркута, мы апынуліся на поўдні пушчы каля мястэчка Любча і на беразе бацькі-Нёмана, адкуль недалёка і да першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага — Навагрудка. Нездарма князь Міндоўг абраў гэта месца для будучага галоўнага горада вялікай дзяржавы. Ды ўвогуле, калі паглядзець на карту, то большасць знакамітых і старажытных замкаў знаходзіцца па краях ляснога масіву: Крэўскі, Навагрудскі, Любчанскі, Мірскі. У больш позні час землі Налібоцкай пушчы належалі роду Радзівілаў.
На сённяшні дзень на тэрыторыі пушчы амаль не засталося вёсак і хутароў. У грыбны сезон гэтыя мясціны за выхадныя наведвае вялікая колькасць аматараў "ціхага палявання”, машыны заязджаюць і выязджаюць на працягу ўсяго тыдня. У зімовы ж час на працягу тыдня, а то і двух на дарогах можна сустрэць толькі сляды жывёл. Пушча чакае кожнага, хто мае крыху авантурызму ў душы, гатовы рушыць па невядомых дарогах і адчуць сябе піянерам!
Вольга ЛУКШЫЦ
Па матэрыялах часопіса Родная прырода
|