Вт
03-Дек-2024
19:42
Категории раздела
Историческая справка [14]
Памятники [12]
О Воложине пишут [10]
АСОБЫ, ЯКІЯ ЎСЛАВІЛІ ГОРАД ВАЛОЖЫН [9]
Новости Воложина и Воложинского района [69]
Справочная информация [31]
Разное [1019]
Кинотеатр ЮНОСТЬ [11]
Происшествия [31]
Новости
Вход на сайт
Вход в почту
Логин:
@volozh.in
Пароль:
(что это) Создать почту
Наш опрос
Чувствуете ли вы себя в безопасности на улицах родного города?
Всего ответов: 110

Погода в Воложине
Нас считают

Сейчас здесь: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Воложин - край родной

Главная » 2009 » Июль » 18 » Агляд гісторыя Валожына ад старажытнасці і да пач. ХХ ст.
Агляд гісторыя Валожына ад старажытнасці і да пач. ХХ ст.
19:18

Сярод некалькіх паданняў і легенд, якія расказваюць аб паходжанні назвы горада Валожына, найбольш распаўсюджанай з’яўляецца гэта. Месца, дзе цяпер знаходзіцца горад, ляжала на шляху перагону валоў на забой або продаж з Мінска ў Гродна, і было яно вельмі зручным для адпачынку і начлегу. Спакойная рэчка, раней даступная для лодак і невялікіх струг, і прасторная паша дазвалялі добра адпачыць і людзям, і жывёле. А калі прыходзіў час зноў адпраўляцца ў няблізкую дарогу, старэйшы з пагоншчыкаў падымаў сваіх таварышаў крыкам: “Валы, жэнь! Валы, жэнь!” Жэнь – значыць, гані. Так і сталі называць гэта месца Валыжэнь, а разам з ім і паселішча, якое, магчыма, пачалося з карчмы прадпрымальнага гандляра. Ну, а час ужо зрабіў сваю справу, і атрымаўся Валожын.

Другая версія паходжання назвы горада: жыў у нашых мясцінах хлопец. Рана застаўся сіратой, шмат гора спазнаў, але не азлобіўся на людзей і Бога. Нягоды толькі закалілі яго, далі моц целу, стойкасць характару. А які добры быў! Нікому не адмаўляў у дапамозе. Любілі яго людзі за дабрыню і спагадлівасць, працавітасць і сумленнасць. Ніхто ў акрузе не мог сказаць, што яго падмануў ці пакрыўдзіў гэты хлопец.

Звалі яго Янкам, але людзі далі іншае імя - Волат. Жыў Янка-Волат на ўзгорку. Сам дыхтоўны дом зрубіў. А як дом пабудаваў, ажаніўся. Ды не даў Бог яму шчасця – памерла маладая жонка, не дажыўшы да гадавіны вяселля. Пачарнеў Волат ад гора, але людзям усё роўна ў дапамозе не адмаўляў. Толькі заўважылі яны, што сам Волат стаў таяць, нібы свечка: не ўсміхаўся больш, песень вясёлых не спяваў, ды і ўвогуле амаль не гаварыў. А потым і зусім дом свой закінуў, жывёлу суседзям аддаў, зямлю – блізкаму сябру. Жыў толькі тым, што людзі за работу давалі. А калі хто і забываўся гэта зрабіць, то Янка, здавалася, не заўважаў. Так неўпрыкмет ён і ў магілу сышоў.

Але не забыліся Янку-Волата, часта ўспаміналі. А неўзабаве чуткі пайшлі, што ўзгорак, на якім той жыў, цудадзейную сілу мае, шчасце дае. І сталі людзі сяліцца ў тым месцы, а калі тлумачылі, дзе жывуць, то звычайна гаварылі: “Гэта там, дзе Волат жыў.” Так і да нашага часу дайшла гэта легенда, а разам з ёй і трансфармаваная назва – ВАЛОЖЫН.

Калі зазірнуць у гісторыю, то можна з поўнай адказнасцю сцвярджаць, што Валожын адносіцца да ліку старэйшых населеных пунктаў Беларусі. Валожыншчына, як і іншыя суседнія раёны, з 7-6 стагоддзяў да нашай эры і да 4-5 стагоддзяў нашай эры была заселена плямёнамі так званай культуры шрыхтавальнай керамікі, якія належылі да балтаў, блізкія па мове да продкаў сучасных літоўцаў і латышоў. На тэрыторыі Валожына іх гарадзішчы знаходзіліся поблізу аўтавакзала, дзе старасвецкія могілкі. 

 Даступныя навуцы матэрыялы сведчаць, што балцкае засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося з7- 6 стагоддзяў да нашай эры. Гэта былі плямёны літва і яцвігі, таксама лотва. Мяркуецца, што на тэрыторыі Валожына жыло племя балтаў – літва. Вывучыўшы і абгрунтаваўшы дайшоўшыя да нас крыніцы і матэрыялы археалагічных даследванняў, вядомы беларускі гісторык Мікола Ермаловіч прыйшоў да высновы, што “… трэба адрозніваць Старажытную (летапісную) Літву ад сучаснай і на падставе летапісных, тапанімічных і іншых матэрыялаў” лічыць “… яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні, у прасторы паміж Мінскам і Навагрудкам з усходу на захад і паміж Маладзечна і Слонімам з поўначы на поўдзень. А ў гэтых абшарах і знахадзіцца Валожын. Лічацца, што “… у суседстве з Літвой, а то і ўперамешку з ёй жыло племя яцвягаў. 

З распадам першабытнаабшчыннага ладу развіваліся феадальныя адносіны, якія ў 9-11 ст. сталі пануючымі.

У 1-й трэці 12 ст. утварылася раннефеадальная дзяржава – Кіеўская Русь, аб’яднаўшая ўсходнеславянскія і некаторыя неславянскія плямёны. У канцы 9 – 10 ст. у вялікую тэрыторыю Кіеўскай Русі ўвайшла і тэрыторыя Беларусі (Полацкае. Тураўскае і інш. княства). Увайшла і Валожынская зямля, што была ў складзе Полацкага княства. Кіеўская Русь была важным этапам у гісторыі народаў Усходняй Еўропы. Дасягнула пэўнай магутнасці, развіцця культуры, пісьменнасці. У час княжання Уладзіміра Святаслававіча (980 -- 1015) у 988 – 989 гг. Адбылася сусветна важная падзея – хрышчэнне Русі, што садзейнічала развіццю навукі і культуры, магутнасці старажытнай дзяржавы. 

Пасля смерці Уладзіміра Манамаха (1125 г.) Кіеўская Русь распалася на самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні, адным з якіх было Полацкае княства. Улада кіеўскіх князёў над Полацкім княствам, як і другімі была намінальнай. У 1-й палове 13 ст. не змаглі адбіць нашэсце мангола – татараў і трапілі ў залежнасць ад іх. Заходнія землі Кіеўскай Русі ўвайшлі ў Вялікае княства Літоўскае.

Шляхі і сродкі ўключэння заходнярускіх зямель у Вялікае княства Літоўскае былі розныя. Вырашальную ролю адыгралі ваенная моц літоўскай дзяржавы і пазіцыя феадалаў гэтых зямель, якія ішлі на пагадненне з літоўскімі князямі. Пашырэнню улады на заходнерускія землі князям Вялікага княства літоўскага садзейнічалі феадальная раздробленнасць Русі, яе аслабленне мангола – татарскім нашэсцем і націскам крыжакоў, зацікаўленнасць мясцовых феадалаў у моцнай дзяржаве, здольнай абараняць іх класавыя інтарэсы і адбіваць знешнюю агрэсію.

Увайшоў ў склад Вялікага княства Літоўскага і Валожын. Прыйшоўшыя ў наш край балцкае племя літва і крывічы былі язычнікамі. І гэта іх збліжала. А калі ў 988 годзе адбылося хрышчэнне Русі, - калі кіеўскі князь Уладзімір ахрысціўся сам і ахрысціў сваіх сыноў, то ён паслаў іх у розныя гарады дзяржавы: Ізяслава ў Полацк, Святаслава ў Тураў, іншых у іншыя гарады. Разам з сынамі пасылаліся і епіскапы з агульнай мэтай – пашырыць хрысціянства ў іх землях. Безумоўна, хрысціянства распаўсюджвалася з цяжкасцю.

Што датычыцца Навагрудчыны, то яна была краінай развітога феадальнага грамадства. Высокае эканамічнае і культурнае развіццё, прыліў новага насельніцтва, далейшы рост прадуцыйных сіл, канцэнтрацыя вялікіх багаццяў у руках новагародскіх феадалаў і далейшае ўмацаванне іх улады – усё гэта павялічвала палітычную вагу Новагародскай зямлі сярод іншых гістарычных абласцей Беларусі і дало ёй магчымасць стаць новым цэнтрам кансалідацыі беларускіх земляў і балцкіх плямёнаў, што знаходзіліся сярод іх.

Безумоўна, усё сказанае датычыць і Валожыншчыны, размешчанай недалёка ад Навагрудка. Трэба лічыць, што Беларускае Панямонне было спрыяльнай глебай для распаўсюджвання хрысціянства, дзвух яго плыняў: праваслаўя – праз Полаччыну – з Кіева і каталіцкай веры – праз Польшу – з Рыма. Такім чынам 14 стагоддзе Валожынская зямля сустрэла ў складзе Вялікага княства Літоўскага. А ў гэтым стагоддзі, згодна вядомым нам крыніцам, упершыню ўпамінаецца горад Валожын.

Першымі ўладарамі Валожыншчыны былі князі Валожынскія – пяць братоў. Доктар гістарычных навук С. Е. Рассадзін лічыць, што гэты род валодаў гербам “Абданк” – два срэбныя страпілы са срэзаннымі данцамі, павернутыя вяршынямі ўніз і злучаныя паміж сабой у вяглядзе буквы W. ( На аснове родавай геральдыкі – эмблемы князеў Валожынскіх, быў створаны сучасны герб города. У адрозненні ад “Абданка”, у гарадскім гербе срэбныя страпілы зменены на залатыя, унутры яны прапісаны чорнымі касымі лініямі. Геральдычная фігура ў гербе напамінае пакладзеныя побач дзве раскрытыя кнігі. Сімвал друкаванай кнігі на Валожынскім гербе не выпадковы. У Лоску, непадалёку ад Валожына ў 1574 г. Ян Кішка заснаваў друкарню, у якой выдаваліся кнігі на польскай і лацінскай мовах).  

 Валожын ў 14 ст. быў цэнтрам ўдзельнага княства. У той час вялікія літоўскія князі кіравалі такімі ўдзельнымі княствамі праз сваіх намеснікаў. Трэба адзначыць, што ў канцы 14 ст. ВКЛ падвяргалася спусташальным набегам нямецкіх рыцараў. Гэтыя і іншыя прычыны прывялі да Крэўскай уніі (1385 г.) – саюза ВКЛ з Польшчай, які быў падмацаваны шлюбам літоўскага князя Ягайла з польскай прынцэсай Ядвігай. Ягайла стаў каралём польскім.

У 1430 годзе пры падтрымцы беларускіх і ўкраінскіх феадалаў вялікім князем стаў брат Ягайлы – Свідрыгайла, які абапіраўся на феадалаў праваслаўнай веры і імкнуўся пазбавіцца ад васальнай залежнасці польскага караля. Абураныя такой яго палітыкай, літоўскія феадалы – каталікі зверглі Свідрыгайлу і абвясцілі вялікім князем літоўскім Сігізмунда, якому не ўдалося аслабіць палітычны ўплыў літоўскіх магнатаў. У выніку змовы ў 1440 годзе Сігізмунт быў забіты. Літоўскія магнаты запрасілі да сябе вялікім князем сына Ягайла – Казіміра. Аднак грамадска-палітычная барацьба не спынілася. Многія феадалы, у тым ліку і браты Валожынскія, адмовіліся прызнаваць Казіміра, арганізавалі змову, якую ўзначаліў Міхаіл Алельковіч, дваюрадны брат Казіміра. Забойства князя было даручана князям Валожынскім. Але забойсва было выкрыта, і пяць братоў, князёў Валожынскіх былі пакараны смерцю.

Пасля смерці князёў Валожынскіх Казімір перадаў валожынскія землі Манвідам. Аб гэтым упамінаецца ў “Метрыцы Літоўскай”. “… Валожын (падараваў) пану Івашку Манвідавічу сам вялікі князь”. 

Вярхоўным уладальнікам зямель на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага выступаў вялікі князь – гаспадар. Пачынаючы з XV стагоддзя ў Валожыне фарміруецца і прыватная форма землеўладання. Так, у 1407 годзе вялікі літоўскі князь Вітаўт выдае прывілей (заканадаўчы акт) на двор у Валожыне старасце віленскаму Войцеху Манівідавічу. У 1430 годзе ён жа падпісвае прывілей на двор Старынкі (каля Івянца) віленскім біскупам. 

 Побач з сёламі і феадальнымі дварамі ў XV ст. на Валожыншчыне ўзнікаюць своеасаблівыя і характэрныя для феадальнай Беларусі паселішчы – мястэчкі. Яны ўвасаблялі ў сабе рысы, характэрныя для гарадоў і вёсак. У параўнанні з вёскамі частка насельніцтва мястэчак займалася рамёствамі і гандлем. Тут рэгулярна адбываліся таргі і кірмашы. У мястэчках існавалі гандлёвыя лаўкі (крамы) і корчмы. У кожным мястэчку меліся адзін або некалькі культавых будынкаў: царква, касцёл, сінагога.

Адметную рысу кожнага мястэчка складала гандлёвая плошча (рынак). Мястэчкі даволі значна адрозніваліся ад гарадоў. Большая частка местачкоўцаў, у параўнанні з жыхарамі гарадоў, займалася сельскай гаспадаркай. У мястэчках не было такой складанай сацыяльнай структуры насельніцтва, як у гарадах. Для абсалютнай большасці мястэчак не з’яўляліся характэрнымі абарончыя збудаванні. Акрамя таго, колькасць жыхароў і двароў у гарадах была значна большай.

Асноўная частка мястэчак Валожыншчыны ўзнікала непасрэдна каля феадальных замкаў і сядзіб (Валожын, Ракаў, Лоск, Вішнева, Івянец). Па сваім прававым статусе большасць мястэчак з’яўляліся прыватнаўласніцкімі. У ліку царкоўных мястэчак можна назваць Пяршаі, якія належалі віленскім біскупам. Валожын атрымаў статус мястэчка ў 1551 годзе.

Галоўнае месца ў планіровачнай структуры мястэчак займаў рынак. Ад яго ў розныя бакі разыходзіліся вуліцы. Назвы большасці іх адпавядалі кірунку дарог або вызначаліся па знаходжанні на іх культавых будынкаў. Некаторыя вуліцы падкрэслівалі свае геаграфічныя асаблівасці. Напрыклад, у Валожыне былі Віленская, Лоская і Івянецкая вуліцы.

Галоўным заняткам насельніцтва Валожыншчыны са старажытных часоў з’яўлялася земляробства. Пераважнай сістэмай земляробства, як і ў папярэднія стагоддзі, з’яўлялася трохполле. Галоўнымі зерневымі культурамі былі жыта, авёс і ячмень. Вырошчваліся пшаніца, гарох, грэчка, лён, каноплі. 

Жывёлагадоўля забяспечвала патрэбы сельскай гаспадаркі ў цяглавай сіле, прадуктах харчавання, адзенні і арганічных угнаеннях. Прыродныя ўмовы Валожыншчыны спрыялі развіццю бортніцтва, рыбнай лоўлі, палявання. Прадукты промыслаў не толькі ўжываліся сялянамі, але і вывозіліся на продаж.

 У дакументальнай хроніцы прысвечанай Валожынскаму раёну, упамінаецца “Устава на валокі” (1557г.), паводле якой сялянам дазвалялася паляванне на сваіх участках на ваўка, лісіцу, зайца, рысь, расамаху, вавёрку і “іншый звер малый...” Найбольш распаўсюджанымі прыладамі палявання з’яўляліся лук са стрэламі, рагаціна (палка з моцнага дрэва з жалезным наканечнікам), а з XVI стагоддзя і агнястрэльная зброя (рушніцы).

Месцы і спосабы рыбнай лоўлі строга абумоўліваліся і ахоўваліся як старадаўнімі звычаямі, так і законам. Асноўнымі прыладамі рыбнай лоўлі служылі разнастайныя сеткі, невады, а таксама восці.

Адным са старадаўніх гаспадарчых заняткаў насельніцтва з’яўлялася бортніцтва. Доўгі час для борцей прыстасоўвалі натуральныя дуплы на дрэвах.

Галоўнымі цэнтрамі рамеснай вытворчасці і гандлю з’яўляліся мястэчкі, але, паколькі асноўная доля насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, колькасць рамеснікаў была малалікія.

У 1567 годзе польскі кароль Сігізмунт перадае Валожын магнату літоўскага паходжання Мікалаю Радзівілу. Пачалося парушэнне дваровай і фаловаркавай гаспадаркі, што узмацняла прыгонніцкую эксплуатацыю феадаламі сялянства. 

У выніку Люблінскай уніі (1569 г.) утварыўся дзяржаўна – палітычны саюз ВКЛ з Польшчай, была створана федэратыўная зямля – Рэч Паспалітая. ВКЛ захавала пэўную самастойнасць. Аднак узмацніўся ўплыў каталіцызму, што сустракала супраціўленне з боку насельніцтва праваслаўнай веры. Таму ў 1683 годзе ў Валожыне было створана царкоўнае брацтва – сваеасаблівая форма рэлігіўна – палітычнага руху – вакол праваслаўнай прафесіянальнай царквы святой Праскевы.

У 1614 годзе Валожын набыў магнат Стужка, які прыняў каталіцкую веру. Менавіта Стужка заснаваў у Валожыне (1682 г.) бернардзінскі манастыр, а пры ім школу. 

У канцы 17-пач. 18 ст. Валожынскае староства ўвайшло ў склад Ашмянскага павета, Віленскага ваяводства. У другой палове 17 ст. пачынаецца заняпадфольваркавай гаспадаркі. Асобныя фальваркі ліквідуюцца, іх землі перадаюцца сялянам-чыншчыкам, а сяляне пераводзяцца з чыншчыны на аброк. Адна з прычын гэтага – гаспадарчыя цяжкасці ў асобных маёнтках, выкліканыя вайной паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай (1654-1666 гг.). У красавіку 1656 года сяляне Валожынскага староства выступісі супраць мясцовых феадалаў і прыгнёту, выступленні працягваліся і далей, прыводзячы у роспач землеўладальнікаў-магнатаў і буйных памешчыкаў.

На павятовым сейміку (28 красавіка 1656 года) ашмянская шляхта прыняла пастанову аб выбары ротмістраў для падаўлення выступлення сялян. Для ўціхамірвання сялян у маёнтках Крэва, Лоск, Пяршаі, Валожын назначаўся шляхціц Табіян Комар. У 1713 годзе Валожын купляе Уладзіслаў Даенкоф. Расшыраецца фальваркавая гаспадарка, расце памешчыцкае прамысловае прадпрымальніцтва. Гэтаму спрыяла спыненне ваенных дзеянняў. Канчалася 18 стагоддзе. Адбыўся друі падзел Рэчы Паспалітай. Рускія войскі ўступілі ў Валожын у чэрвіні 1793 года. Войскі Пруссіі і Аўстрыі занялі намечаныя пры падзеле іншыя тэрыторыі. Беларусь жа ўвайшла ў склад Расіі.

У 1794 годзе ўспыхнула ў Польшчы нацыянальна-вызваленчая барацьба супраць рускага царызму. Паўстанне ахапіла і Беларусь. Барацьбу ўзначаліла перадавая польска-беларуская шляхта, на чале якой стаяў Тадэвуш Касцюшка.

На тэрыторыі Валожынскага староства і прылягаючых да яго зямель праходзілі сутыкненні паўстанцаў з царскімі войскамі. С. Кулачэнка прыводзіць у сваім артыкуле такі факт: ” Як паведамляў у лютым 1794 года Мінскі, Ізяслаўскі і Браслаўскі генерал-губернатар князю Цыцыянаву і графу Салтыкову, трохтысячны атрад паўстанцаў, які прыбыў з Вільні, накіроўваўся да лініі Вішнева – Валожын – Ракаў з мэтай уварвання ў губернскі горад Мінск. Але актыўныя дзеянні рускіх войск пад камандаваннем падпалкоўніка Сакена прымусілі змяніць першапачатковы план гэтага атрада паўстанцаў. Аднак пагроза ўварвання ў Мінск мяцежнікаў не мінавала і да мястэчка Ракаў для адпору паўстанцкіх намераў былі накіраваны войскі пад камандаваннем генерал-маёра Ланскога, якія ўключалі восем драгунскіх эскадронаў, няпоўны батальён егераў і роту Растоўскага пяхотнага палка” 

Працяг гэтай тэмы бяром з артыкула П. Бітэля “ Вішнева і вішнеўцы”: “… праз мястэчка Вішнева з Ашмян на Валожын праходзіў атрад паўстанцаў пад камандаваннем вядомага кампазітара-патрыёта М. К. Агінскага, які намерваўся дайсці да Мінска і разгарнуцьпаўстанне ва ўсходняй Беларусі. Паход не ўдаўся. Агінскі дайшоў да Івянца і, сустрэўшыся з моцным казаскім заслонам, вымушаны быў адступіць. Дарэчы, пасля апісанных падзей Агінскі стаў камандаваць усімі літоўска-беларускімі паўстанцкімі войскамі, як спецыяльны кур’ер ездзіў у Варшаву да Тадэвушаа Касцюшкі для абмяркоўвання будучых бітваў. 

У 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Рэч Паспалітая прастала існаваць як дзяржава, была сцёрта з палітычнайкарты свету.

Пачалося 19 стагоддзе. Валожын з’яўляўся валасной адзінкай Ашмянскага павету Віленскай губерніі. Гаспадаром Валожына быў А. Чаратарыйскі, які прадаў мястэчка 10 сакавіка 1803 года за 100 тысяч віленскаму графу Тышкевічу. У той час мястэчка налічвала 2446 жыхароў (1900 яўрэяў, 406 праваслаўных, 140 каталікоў).

Тышкевічы былі буйнымі землеўладальнікамі. У 1881 годзе графу Венядзікту Тышкевічу належыла ўсяго 7953 дзесяціны ў маёнтках Пяршаі, Доры, Родзеўшчына, Сівіца з фальваркам Вяла, Белоскаўшчына, Навінка ворыўнай, агароднай зямлі і сенажацяў, а таксама запушчанай зямлі 2066 дзесяцін, лесу таварнага 1300 дзесяцін.

Без перабольшанна можна сказаць, што сельскагаспадарчыя і лясныя промыслы былы асноўнымі заняткамі насельніцтва Валожыншчыны. Зямля і лес кармілм людзей. 

Валожын знаходзіўся ў спісе дваццаці мястэчак павета, дзе было дазволена жыць яўрэям. Аднак паміж імі і астатнім насельніцтвам “будаваліся” штучныя сцены. Дзеці, выхадцы з яўрэйскіх сем’яў, вучыліся асобна. Для гэтага існавала казённая яўрэйская школа, дзе вялося абучэнне рускай пісьменнасці і духоўная яўрэйская семінарыя (ешыбот), дзе рыхтавалі рабінаў.

 Вучыцца ў Валожын прыязжалі маладыя яўрэі з Англіі, Аўстраліі, Сірыі, Егіпта. У 1892 годзе Расійскае міністэрства асветы правяло рэформу акадэміі і падпісала яе пад агульны статус народных яўрэйскіх школ. Але яшчэ доўгі час Валожын называлі “Рымам літоўскіх яўрэяў”. Не трэба думаць, што гэта была вышэйшая духоўная ўстанова. Яна была ў рангу сярэдняй духоўнай установы, але мела вельмі высокі аўтарытэт. Нездарма хадзіла гаворка: “Вучоны, як рабін Валожынскі”.

Будынак былога ешыбота захаваўся. Ён – часцінка гісторыі Валожына і варты зберажэння.

У медыцынскіх адносінах павет дзяліўся на два сельскія ўрачэбныя участкі. У першы ўваходзіла адзінаццаць валасцей, у другі – дванаццаць. Кожны ўчастак меў лячэбніцу, прыёмныя пакоі і фельчарскія пункты. Валожын з’яўляўся цэнтрам другога ўчастка. Тут размяшчалася лячэбніца і прыватная аптэка І. Рубінштэйна. Іншыя медыцынскія ўстановы меліся ў другіх населеных пунктах участка.

Сувязь з суседнімі гарадамі жыхары Валожына падтрымлівалі праз паштова-тэлеграфнае агенцтва. Мясцовыя памешчыкі браты Мар’ян і Казімір Здзяхоўскія, уладальнікі мястэчка Ракаў, правялі тут тэлефонную лінію, адну з першых у Беларусі. 

Закранула Валожынскую зямлю і Айчынная вайна 1812 года. Валожын не раз упамінаўся ў загадах Напалеона і Аляксандра 1, камандуючых рускімі і французскімі войскамі, генералам Баграціёнам і маршалам Даву. Справа ў тым, што Валожын займаў важнае стратэгічнае значэнне пры наступленні французаў, знаходзячыся на старажытнам тракце Ашмяны – Гальшаны - Багданаў – Вішнева – Пяршаі – Мінск. А з Мінска – па старой смаленскай дарозе – на Маскву. Рускія імкнулісянайдаўжэй утрымаць Валожын, французы – хутчэй захапіць.

Валожыну у першай палове 19 ст. лёс наканаваў быць горадам рамеснікаў, як і раней цэнтрам гандлю жывёлай і сельскагаспадарчай сыравіны. Шырока прымянялася хатняя выпрацоўка тканіны, адзення, абутку, посуду, гаспадарчага інвентару. У другой жа палове 19 ст. павялічылася дастаўка на мясцовыя рынкі хатніх рэчаў, павялічыўся хатні промысел па апрацоўцы драўніны, выраблялі хатні драўляны посуд: лыжкі міскі, карыты, прасцейшыя сельскагаспадарчыя прылады. Валожынцы вымушаны былі наймацца на лесаапрацоўкі. Валожыншчына славілася багатымі лясамі. Людзям жылося цяжка. Не прынеслі аблягчэння і зямельныя рэформы 1861 года. Хоць сяляне фармальна і былі вызвалены ад паншчыны, але лепшыя землі, выпасы, лясы заставаліся ва ўладанні паноў. За невялікія надзелы зямлі трэба было многа плаціць. Пачаліся хваляванні сялян, у тым ліку і ва ўладаннях графа Тышкевіча. Выступлені сялян падаўляліся сілай.

Пачалося паўстанне, якое ахапіла Беларусь і Літву. У канцы лютага ў Валожынскай воласці ўзнік паўстанцкі атрад, які налічваў некалькі соцен людзей і якімі камандаваў адстаўны капітан Козек. Вясной 1863 года атрад быў разбіты, але пасля яго разгрому рух у воласці не аслабеў. Ствараліся новыя ятрады.

Паўстанне 1863-1864 гг. было патоплена ў крыві з небывалай жорсткасцю. Бывалі выпадкі, што інсургентаў (так звалі паўстанцаў карнікі) закопвалі ў зямлю жывымі, а іх магілы палівалі нечыстотамі, каб ніхто не змог перахаваць ці хацяб памаліцца, паставіць на брацкай магіле свечку. А душыцель паўстання генерал Мураўёў атрымаў у народзе мянушку “вешацель”. Для ўзмацнення рускага ўплыву сярод беларускага і польскага насельніцтва ён загадаў у школах аддаваць перавагу першапачатковым дагматам праваслаўнай веры, рускай граматыцы, малітвам. Па яго загадзе сталі расці на Валожыншчыне, як грыбы пасля дажджу, праваслаўныя цэрквы. Яны былі пабудаваныя ў Валожыне (драўляная царква Канстанціна і Алены – 1866 год), у Вішневе (мураваная Касмадзям’янаўская царква – 1865 год), у Яршэвічах (мураваная – другая палова 19 ст.), у Гародьках (мураваная – 1866 год), у Даўбенях (мураваная – 1869 год).

Сем храмаў – за пяць год. Не шкадаваў рускі царызм сродкаў на культавыя будынкі, каб толькі трымаць народ у паслушэнстве. Рэлігія актыўна дапамагала царскаму самадзяржаўю.

У 70-я гады ХІХ ст. пачало работу трохгадовае народнае вучылішча, а у канца стагоддзя былі адкрыты яшчэ два вучылішчы. У іх галоўная увага удзялялася закону Божаму і царкоўнаславянскаму чытанню.

Пачалося ХХ стагоддзе. У Расіі развіваўся капіталізм, а разам з ім – і барацьба рбочага класа з эксплуататарамі. Валожын заставаўся адсталым гарадком з невялікай колькасцю насельніцтва. Па ўсерасійскім перапісе 1897 года ў ім пражывае 4533 жыхары. Працаваў невялікі лесапільны завод, пабудаваны ў 50-я гады ХІХ ст. У 1907 годзе ў Валожынскай воласці ўспыхнула моцнае хваляванне сялян. Гэтаму паслужыла выступленне сялян суседніх маёнткаў Ашмянскага павета.

Да 1905 года сялянскія выступленні ў Беларусі, у тым ліку і ў Валожынскай воласці, былі разрозненія, не насілі ясных палітычных патрабаванняў. Аднак гэтыя выступленні 1900-1904 гг. Былі адным з рашаючых фактараў набліжэння крызісу ў краіне і выліліся ў рэвалюцыю 1905-1907 гг. У БелСЭ сказана, што “…ў 1906 годдзе ў Валожыне дзейнічалі групы РСДРП (30-50 членаў партыі), якія вялі рэвалюцыйную прапаганду сярод сялян, распаўсюджвалі адозвы, выдадзеныя Вішнеўскім камітэтам РСДРП: “Думы і цар”, “Да сялян” і іншыя. У лістападзе 1917 года ў Валожыне створаны Савет рабочыхі салдацкіх дэпутатаў”.




Категория: Историческая справка | Просмотров: 5687 | Добавил: Radist | Рейтинг: 4.8/4 |
Всего комментариев: 0
avatar