З 25 жніўня па 10 верасня на тэрыторыі раёна праводзіцца комплекснае мерапрыемства "Увага: дзеці!".
За 7 месяцаў бягучага года ўжо зафіксавана 21 ДТЗ, 3 з якіх адбыліся з удзелам дзяцей. Самая неабароненая катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху – дзеці-пасажыры. Вечарам 27 ліпеня каля вёскі Бялякі нецвярозы вадзіцель "Опеля" не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з другой машынай. Пасажыр "Опеля" загінуў, вадзіцель і бацькі з дзецьмі, якія ехалі ў другой іншамарцы, атрымалі цяжкія траўмы.
Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Каб не трапіць у бяду, нельга пераходзіць вуліцу на чырвонае святло, а калі няма светлафора, трэба паглядзець па баках і пераканацца, што паблізу няма машын. Не выбягайце на праезную частку за мячыкам ці іншай цацкай. Не катайцеся па шашы на веласіпедзе. На аўтобусным прыпынку не пераходзьце дарогу перад аўтобусам, машынай, азірніцеся: паблізу ёсць пешаходны пераход. Не бярыце прыклад з дарослых і не пераходзьце дарогу ў неўстаноўленым месцы. Абавязкова начапіце на адзенне святлоадбівальныя элементы.
Збіраючыся ехаць куды-небудзь з бацькамі на машыне, абавязковы прышпіліце рамяні. Калі аўтамабіль рухаецца, не ўставайце з месца: адкіньцеся назад і абапрыцеся аб спінку сядзення. З машыны выходзьце толькі з боку тратуара ці абочыны. І ніколі не сядайце ў машыну з незнаёмым чалавекам: ён можа быць злы і прычыніць вам шкоду.
Андрэй ЖУДРЫК, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.