Чт
21-Ноя-2024
12:34
Категории раздела
Историческая справка [14]
Памятники [12]
О Воложине пишут [10]
АСОБЫ, ЯКІЯ ЎСЛАВІЛІ ГОРАД ВАЛОЖЫН [9]
Новости Воложина и Воложинского района [69]
Справочная информация [31]
Разное [1019]
Кинотеатр ЮНОСТЬ [11]
Происшествия [31]
Новости
Вход на сайт
Вход в почту
Логин:
@volozh.in
Пароль:
(что это) Создать почту
Наш опрос
Вы житель города Воложин?
Всего ответов: 224

Погода в Воложине
Нас считают

Сейчас здесь: 3
Гостей: 3
Пользователей: 0

Воложин - край родной

Главная » 2011 » Январь » 4 » У краі Налібоцкай пушчы
У краі Налібоцкай пушчы
10:35

Яе можна па праву назваць лясной жамчужынай не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Гэта самы вялікі лясны масіў у рэспубліцы і ва Усходняй Еўропе — цэлая краіна, большая па плошчы за Ліван ці Кувейт.


Ведае пра пушчу ўсё Васіль ШАКУН.


Налібоцкая пушча размясцілася ў Валожынскім раёне, прыкладна за 60 кіламетраў ад Мінскай кальцавой аўтадарогі па гродзенскай трасе. Яе назва паходзіць ад мястэчка Налібакі (ці Налібокі), размешчанага практычна ў цэнтры пушчы. 


На шляху Залатой Арды


Паводле слоў доктара гістарычных навук Аляксандра Белага, край славіцца цікавымі падзеямі, яркім мясцовым каларытам, высокай культурай. Чалавек тут пасяліўся ў мезаліце 4—3 тыс. год да н.э. Захаванне такога велізарнага лесу побач з густанаселенымі раёнамі Беларусі тлумачыцца надзвычай неўрадлівымі глебамі, якія рабілі земляробства эканамічна нявыгадным. Таму спецыялізацыяй рэгіёна яшчэ з ХV стагоддзя сталі лесанарыхтоўкі, здабыча і перапрацоўка карысных выкапняў (балотнай жалезнай руды, гліны, кварцавага пяску). Паступова ўзніклі буйныя прамысловыя прадпрыемствы, росквіт якіх прыпаў на другую палову ХVІІІ — першую палову ХІХ стагоддзя. Многія з іх звязаны з асобай славутай мецэнаткі Ганны Радзівіл: Налібоцкая шкляная гута (самая вядомая ў Рэчы Паспалітай), Свержанскі фаянсавы завод, керамічныя промыслы ў Ракаве і Івянцы, Вішнеўскі металургічны завод.


Цар беларускіх лясоў — зубр.


— Не меншую ролю адыгрываў налібоцкі край у ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі, — адзначыў краязнаўца Аляксандр Белы. — Па паўднёвым і ўсходнім краі пушчы з даўніх часоў праходзіла мяжа ВКЛ і Русі. У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя няўдачай скончыліся некалькі спроб Залатой Арды і Галіцка-Валынскага княства пераадолець пушчу з поўдня і падпарадкаваць сабе толькі што ўзнікшае Вялікае княства Літоўскае. Бязмежная лясная прастора, перасечаная рэкамі і балотамі, стала для агрэсараў непераадольнай перашкодай і літаральна выратавала маладую дзяржаву ад гібелі.



Алень-кветка


Налібоцкая флора незвычайна разнастайная. Навукоўцамі зарэгістравана каля 820 відаў вышэйшых раслін. Па іх колькасці яна багацейшая за флору Бярэзінскага і Прыпяцкага запаведнікаў Беларусі. Амаль чвэрць раслін — лекавыя, многія віды занесены ў Чырвоную кнігу.

Багаты і разнастайны жывёльны свет Налібоцкай пушчы. Тут можна сустрэць дзіка, аленя, казулю, лася, бабра, куніцу, норку, а таксама чорнага бусла, шэрага жураўля, пугача, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Тут жыве і цар беларускіх лясоў — зубр.

— Сёлета ў Налібоцкай пушчы пасяліліся яшчэ і плямістыя алені, — адзначыў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Валожынскага лясгаса Васіль Шакун. — Яны прыехалі з Алтайскага краю. Іх радзіма — Далёкі Усход, Японія, В'етнам. Плямістага аленя часта называюць аленем-кветкай — у яго на спіне летам з'яўляюцца белыя плямкі, падобныя на кветкі. Вясной у пушчы можна пачуць цецерукоў, зязюль, салаўёў і іншых птушак. Усяго — 190 відаў! У пушчанскіх рэчках захавалася такая рэдкая рыба, як ручаёвая фарэль і харыус. А на месцы колішняга палаца графаў Тышкевічаў — велізарная еўрапейская лістоўніца.


У пушчы пасяліліся плямістыя алені.


Сасновыя лясы, звонкія рачулкі-крыніцы гэтай маляўнічай мясціны вабяць тысячы турыстаў з Беларусі, а таксама Расіі, Германіі, Польшчы, Швейцарыі, Італіі, Іспаніі, Францыі, Арабскіх Эміратаў.



Мядзведзі-памочнікі


Паводле слоў Аляксандра Белага, цудаў у пушчы не злічыць. Расказваюць, што адзін з касцёлаў дапамагалі будаваць… дрэсіраваныя мядзведзі. Ім на спіну прывязвалі кошык з камянямі або цэглай, і яны цягалі іх мулярам на высокія вежы. Дарэчы, мядзведзь з паэмы "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, які ледзь не загрыз Тадэвуша і Графа, прыйшоў менавіта з Налібоцкай пушчы.

— Яшчэ адна асаблівасць пушчы — на тэрыторыі ландшафтнага заказніка "Налібоцкі" ёсць возера, у якім не водзіцца рыба, іншая жыўнасць і да якога не падыходзяць жывёлы і не прылятаюць птушкі, — адзначыў Васіль Шакун.
Адкуль пайшла


"Песня пра зубра”?


Трагічная старонка гісторыі краю — Другая сусветная вайна. Пушча дала прытулак больш як 20 тысячам партызан, а таксама тысячам людзей з Баранавічаў, Навагрудка, Мінска. Дарэчы, падзеі, якія разгортваліся падчас вайны ў Налібоцкай пушчы, апісаны ў рамане Людмілы Уліцкай "Даніэль Штайн, перакладчык", папулярным у савецкі час рамане Уладзіміра Багамолава "Момант ісціны” ("У жніўні 44-га").

Дарэчы, падзеі, апісаныя ў вядомай паэме "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага, таксама звязаны з Налібоцкай пушчай. Прырода, багатая гісторыя краю ў нейкай ступені натхнілі пісьменніка і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча на напісанне такіх твораў, як "Пінская шляхта", "Ідылія". Сёння яго былая сядзіба ў вёсцы Малая Люцынка, а таксама іншыя помнікі гісторыі, культуры і прыроды аб'яднаў экамузей "Брама ў Налібокі", захавальнікамі якога з'яўляюцца Аляксандр і Людміла Белыя — яны, дарэчы, стварылі аграсядзібу "Марцінова Гусь", што з'яўляецца цэнтрам экамузея.

Паводле слоў Аляксандра Белага, пры адпаведным культываванні аб Налібоцкай пушчы можа даведацца ўвесь свет. Але для гэтага неабходна стварыць якасную інфраструктуру, яшчэ больш разнастаіць пешыя, водныя і веласіпедныя маршруты, аднавіць вядомыя помнікі архітэктуры, гісторыі і прыроды, выдаць даведнік, устанавіць інфармацыйныя таблічкі, прыцягнуць увагу да пушчы вучоных з іншых славянскіх краін, удзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, семінарах. Тады з часам Налібоцкая пушча стане брэндам Міншчыны і ўсёй Беларусі.



Юлія БРОЖЫНА.

Па матэрыялах: Мінская праўда

Категория: Историческая справка | Просмотров: 3978 | Добавил: Radist | Рейтинг: 4.8/5 |
Всего комментариев: 0
avatar