Главная » 2010 » Май » 15 » Птушка ўдачы на графскіх руінах
09:12
Птушка ўдачы на графскіх руінах
Мясцовасць Вяла на Іслачы, у старажытнай Налібоцкай пушчы, некалі ўласнасць графаў Тышкевічаў – заслужанае месца ў гісторыі нашай культуры, няхай сёння закінутае і занядбанае. Тут у 1890-х гг. граф Бенедыкт Тышкевіч, піянер фатаграфіі ў нашай краіне, меў сваю фоталабараторыю, здымкі з якой, выпадкова знойдзеныя ў Парыжы, зусім нядаўна паспяхова экспанаваліся ў Нацыянальным гістарычным музеі. Іншай славутасцю Вялаўскага маёнтка быў вялікі прыватны запаведнік, дзе трымалі даніэляў (ланяў) і ўласным коштам графа-дзівака аднаўлялі папуляцыю баброў, задоўга да арганізацыі Бярэзінскага запаведніка. Значэнне Вялаўскага запаведніка было настолькі вялікім, што яго напачатку прызнала і савецкая ўлада, пакінуўшы тэрыторыі запаведны статус і спрабуючы захаваць графскую інфраструктуру і "ноў-хаў”. Аднак калектывізацыя, змаганне з "чужародным” сацыяльным элементам, культурная рэвалюцыя кепска стасаваліся з утрыманнем рэлікта графскай культуры, і ў 1951 г. запаведнік быў ліквідаваны. Прыйшлі ў заняпад і графскія муры, нават славутыя тышкевічаўскія калдуны і тыя былі прынцыпова адрынутыя нашым немудрагелістым "общепитом”. Сёння ў гэтых маляўнічых мясцінах пануе бязлюддзе і цішыня, якую парушаюць толькі галасы птушак. Актывісты ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны” супольна з экамузеем, які ствараецца на базе аграсядзібы "Марцінова Гусь”, правялі акцыю па ахове ўсё больш рэдкага ў нашыя дні сіваграка. У векавой графскай дубраве развесілі штучныя гнёзды для гэтай прыгожай сіняй птушкі, зробленыя рукамі школьнікаў Валожынскага раёна. Няхай сівагракі, якія ў апошнія гады апынуліся пад пагрозай знікнення, хутчэй вяртаюцца ў запаведныя мясціны! І можа быць, прыносяць удачу, і вяртаюць былую славу гэтаму кутку Радзімы.


Алесь Белы



Больш фатаграфій руінаў графскіх муроў тут:



 
Категория: Памятники | Просмотров: 694 | Добавил: Radist | Рейтинг: 4.5/4
Всего комментариев: 1
0  
1 Cwetik   (20-Май-2010 09:06)
Жалко... Если б все востановить...

Имя *:
Email:
Код *: