Чалавецтва
столькі з’эканоміла на прыродзе,
што на ашчаджаныя сродкі, пэўна, можна было б пабудаваць
рай. Шкада, што такога месца ўжо цяжка знайсці. Страціўшы надзею стварыць рай
для сябе, у чалавека хапіла мудрасці пакінуць хаця
б некаторыя тэрыторыі
для дзікіх жывёл, якія для асобных відаў сталі сапраўды "райскімі”.
Праўда, для многіх відаў гэтыя "райскія куткі”
сталі
апошнім іх прыстанкам на Зямлі.
Адным з такіх месцаў з'яўляецца Налібоцкая
пушча. Месца ў пэўным сэнсе ўнікальнае.
На еўрапейскім кантыненце яна захавалася ў адносна некранутым стане і мае
статут рэспубліканскага ландшафтнага заказніка, таму невыпадкова ў Налібоцкай
пушчы адзначана 35 пазваночных жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Большасць
з іх (29 відаў) - гэта
птушкі. Сярод "чырвонакніжнікаў” такія віды, як
малы арлец і зімародак з'яўляюцца найбольш шматлікімі. Мяркуйце
самі - каля пяцідзесяці пар малога арляца
і трыццаці пар зімародка прытуліла Налібоцкая пушча. Сапраўдным ўпрыгованнем пушчанскіх
прастораў з'яўляецца сіваграк. Ну, а калі пашанцуе,
то можна на лясных ускраінах паназіраць і за арлом-вужаедам.
Увесну жа ў арнітолагаў да пушчы цікавасць адмысловая. Пойма Нёмна становіцца
ўтульным месцам для адпачынку вадаплаўных, а ў начныя час прасторы агучваюць
таямнічыя галасы соў, сярод якіх ёсць і такія рэдкія віды як
пугач і барадатая кугакаўка.
Багацце рэдкіх відаў птушак і адносная захаванасць
ландшафтаў дазволілі арнітолагам надаць пушчы адмысловы статус -
тэрыторыя, важная для птушак (ТВП).
Усяго ў рэспубліцы вылучана 53 ТВП, а ў свеце іх налічаецца больш за 10
000 у 170 краінах. Праграма па вылучэнні і стварэнню ТВП у свеце пачалася ў 1981 году. Хоць наша рэспубліка
далучылася да яе толькі ў 1996 годзе, аднак ужо цяпер большасць
нашых ТВП маюць статуc
міжнародных.
Чым яшчэ прывабная Налібоцкая пушча? Праўдзівым нацыянальным здабыткам
з'яўляюцца некранутыя рэчышчы ракі Нёман і іншых лясных рачулак, мазаічнасць тэрыторыі, з вялікай колькасцю разнародных біятопаў і асобныя дзялянкі стараўзроставых лясоў.
Мала
хто ведае, што Налібоцкая пушча магла стаць першым у царскай Расеі афіцыйным запаведнікам.
Вядомы натураліст Фальц-Фейн,
стваральнік славутага стэпавага запаведніка Асканія-Нова, меў у
мястэчку Налібокі сваю сядзібу і планаваў стварыць у навакольных
лясах лясны запаведнік па ахове баброў. Але, Першая сусветная вайна
перакрэсліла планы энтузіяста і толькі ў 1916 году ў Баргузінскай тайзе быў арганізаваны
першы ў Расіі запаведнік па захаванні собаля. Першы запаведнік у Беларусі быў арганізаваны ў 1926 г. (Бярэзінскі).
Сёння, дзякуючы праектам рэспубліканскай грамадскай
арганізацыі "Ахова птушак бацькаўшчыны” (АПБ), накіраваных на стварэнне сеткі
захавальнікаў ТВП у Беларусі,
пры падтрымцы партнёраў арганізацыі са Швецыі і Літвы ў кожнага ёсць магчымасць
зрабіць свой унёсак у захаванне ТВП
"Налібоцкая пушча", зрабіўшыся яе захавальнікам.
Захавальнікі - гэта людзі з ліку актыўных,
неабыякавых да лёсу роднай прыроды людзей, як мясцовых жыхароў так і частых
гасцей, якія маюць магчымасць рэгулярна наведваць тэрыторыю, важную для
птушак і кантраляваць яе стан. Найбольш
важна адсочваць пагрозы для канкрэтных відаў, стан месцаў рассялення, колькасць
асобных папуляцый, гаспадарчую дзейнасць на ТВП. Гэтая інфармацыя дае
магчымасць аператыўна рэагаваць на змены стану экасістэм на тэрыторыях,
важных для птушак.
Налібоцкая пушча выбрана як ТВП дзякуючы важным у маштабе ўсёй краіны
папуляцыям зімародка і малога арляца, але і іншыя віды, якія жывуць у пушчы,
патрабуюць нашай пільнай увагі і абароны. Захавальнікам ТВП "Налібоцкая пушча", можа стаць кожны аматар
прыроды. Для такіх людзей у населеных пунктах рэгіёну Налібоцкай пушчы будзе
арганізаваны шэраг семінараў, прыняць удзел у якіх можа кожны.
Даведацца болей пра ТВП "Налібоцкая пушча", і пра дзейнасць яе
захавальнікаў, можна ў наступных каардынатараў:
Каардынатар сеткі захавальнікаў ТВП "Налібоцкая
пушча” Аляксандр Белы, 8-029-6137085 (Velcom), 8-01772-50947
(Малая Люцынка, Валожынскі р-н), электронны адрас a.biely68@gmail.com
Каардынатар сеткі захавальнікаў ТВП па Беларусі:
Вольга Лукшыц, 8-029-384-61-22
(Velcom), 8-029-223-06-13 (МТС) 8-017-263-06-13 (г.Мiнск), электронны адрас olgalukshyts@gmail.com
|