Горад Валожын добра ведаюць у Ізраілі, ў ЗША таму што тут фарміравалася аблічча ўсходне-еўрапейскага іўдаізму - у Валожынскай іешыве - талмудысцкай навучальнай установе, якая дзейнічала ў горадзе з 1803 года. Тут працавалі і жылі вялікія рабіны, імёны якіх дарагія яўрэям усяго свету, тут вучыўся рэбхай Кук - галоўны рабін Ізраіля. Ешыбот - гэта іудзейская вышэйшая рэлігійная школа па падрыхтоўцы галоўным чынам рабінаў. Яна стала асноўным цэнтрам іудзейскай думкі і месцам выхавання духойнай, інтэлектуальнай эліты яўрэйства. Валожынскі ешыбот узнік па ініцыятыве віленскага гаона Іліі, які даручыў заснаваць ешыбот дзеля выкладання Талмуда па новаму метаду свайму лепшаму вучню Хаіму Валожынскаму(Хаім Нахман Бялік).Такую мянушку ён атрымаў, бо быў родам з нашага горада і меў тут сваю мануфактуру - шарсцяную фабрыку. Так Валожыну наканавана было стаць цэнтрам, куды на працягу стагоддзя накіроўваліся яўрэйскія юнакі дзеля пашырэння сваіх ведаў.Работа па адкрыцці ешыбота пачалася ў 1803 годзе, а заняткі тут афіцыйна наладзілі толькі праз тры годы - ў 1806 годзе. Пад кіраўніцтвам рабіна Хаіма ў вышэйшай духойнай школе спачатку навучалася каля дзесятка юнакоў. Заможны Хаім дбайна клапаціўся пра патрэбы слухачоў. Слава пра навучальную ўстанову імкліва распаўсюджвалася, неўзабаве сюды пачала з'язджацца моладзь з розных куткоў свету. Тады гаспадар ешыбота звярнуўся да розных абшчын, каб аказалі пасільную матэрыяльную падтрымку. На сабраныя ахвяраванні неўзабаве быў узведзены драўляны будынак. А пазней пабудавалі трохпавярховы мураваны, бібліятэку. За час свайго працяглага існавання ешыбот па розных прычынах закрываўся тры разы, але заўсёды зноў аднаўляў сваю дзейнасць, працягваў развівацца. Школа ўмяшчала ў сваіх сценах да 400, а часам і больш слухачоў, якія з'язджаліся не толькі з Рассіі, але з Расіі,але і з Англіі, Аўстрыі, Сірыі, Егіпта. І калі пра Бяліка шмат вядома, многа пішуць пра яго ў сучасным яўрэйскім друку, то фактычна ў невядомасці засталося імя іншага вучня Валожынскага рабінскага вучылішча. Размова пра доктара філасофіі Моўшу Айзенштадта (нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1870 годзе). Магчыма, быў ці не аднакашнікам Бяліка. Пасля Валожына Айзенштадт паехаў у Берлін, дзе поруч з духоўнай адукацыяй наведваў заняткі на філасофскім факультэце універсітэта. У 1896-99 гадах выкладаў яўрэйскае заканадаўства ў Санкт-Пецярбургскай гімназіі імператарскага чалавекалюбівага таварыства. Затым да 1910 года працаваў рабінам у Растове-на-Доне. У 1912 годзе заснаваў курсы біблейскай мовы і яўрэйскай гісторыі для яўрэяў, якія навучаліся ў пецярбургскіх сярэдніх і вышэйшых установах. У Варшаве і Берліне ў розныя гада, пабачылі свет самыя розныя кнігі Моўшы Айзенштадта. Акрамя таго, што колішні валожынскі вучань пісаў навуковыя працы, наш зямляк займаўся літаратурнай крытыкай, мастацкай прозай. У Валожынскай ешыботе існавалі строгія правілы. Сюды прымалі вучняў, якія праяўлялі асаблівыя здольнасці ў разуменні талмудысцкай навукі. Слухачы ешыбота знаходзіліся на поўным матэрыяльным забеспячэнні. Выхаванцы кожны дзень атрымлівалі гарачую ежу. Месцам для начлегу навучэнцам служылі масіўныя лавы. Архівы захавалі цікавыя звесткі пра расклад дня слухачоў. Кожны юнак без выключэння павінен быў удзельнічаць у калектыўнай ранішняй малітве, якая пачыналася ў 8 гадзін. Затым наступаў час сняданку. Час ад 10 да 13 гадзін аддаваўся спасціжэнню Талмуда. Ход заняткаў строга кантраляваў наглядчык. Затым чыталіся лекцыі па Талмуду. Пасля гадзіннага абеду зноў наступаў час малітвы, а затым працягваліся заняткі аж да 20 гадзін. Пасля вячэрняй малітвы слухачы падмацоўвалі свае фізічныя сілы вячэрай. Частка вучняў займалася аж да поўначы, астатнія адпачывалі да трох гадзін ночы, пасля чаго зноў распачыналася вучоба. Акрамя афіцыйных заняткаў, насельнікі ешыбота ў абавязковым парадку займаліся самаадукацыяй. Яны дапамагалі адзін аднаму вывучаць замежныя мовы, разнастайныя свецкія навукі і дысцыпліны, яны пастаянна думалі пра абагачэнне духоўнасці. Афіцыйным часам закрыцця ешыбота лічыцца 1892 год. Але ёсць звесткі, што нават у перыяд, калі Валожыншчына знаходзілася ў складзе Польшчы, па горадзе хадзілі людзі ў чорных балахонах і шырокіх капелюшах з пэйсамі. А гэта значыць, што ешыбот і пасля апошняга, канчатковага закрыцця неафіцыйна працягваў дзейнічаць аж да пачатку вайны з Германіяй. Вядома,ён не меў такога статусу, як раней...
|