Валожыншчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў.
Цікавыя легенды аб сваім паходжанні маюць гарады, паселішча і дробныя вёсачкі. Дапытлівы розум, багатая фантазія жыхароў многіх населяных пунктаў, асабліва з назвамі сапраўды народнымі, гістарычнымі, данеслі цяперашнім пакаленням шмат захапляючых версій пра паходжанне такіх тапонімаў, а сям-там працягваюць складывацца пра іх лененды і па сённяшні дзень.
Валожын
Валожын – раёны цэнтр. У летапісах значыцца яшчэ ў ХІV стагоддзі. Назва города паходзіць ад прозвішча Валога, якое ўтварылася з слова валога падобнага на рускае влага. Валогай называлі забалочаную мясціну, нізіну, перанасычаную вільгаццю. Той чалавек, які першы адважыўся пасяліцца на балаціне, заўмеў прозвішча Валога.
З вуснаў у вусны, ад дзеда да унука, дайшло да нас паданне. Месца, дзе сёння знаходзіцца Валожын, ляжала на шляху перагону валоў на продаж ці забой з Вільні ў Мінск. Яно аказалася зручным для адпачынку і начлегу. Тут пагоншчыкі спынялі статак, пускалі валоў на пашу, давалі сабе і жывёле перадыхнуць. Калі прыходзіла пара працягваць шлях, старэйшы з пагоншчыкаў падымаў сяброў крыкам: “Валы жэнь! Валы жэнь! (жэнь – значыць гані). Пасяленне, якое, магчыма, пачалося з карчмы прадпрыймальнага гандляра, спачатку называлі Валыжэнь, і толькі з цягам часу назва ператварылася ў Валожын.
Шмат таямнічага ўтойваецца ў назвах некаторых вёсак. Ўсе яны маюць даволі багатае гістарычнае мінулае, а гэта дае падставы для ўзнікнення розных легендаў аб паходжанні іх назваў.
Камень
Непадалёку ад цэнтральнай фермы вёскі Камень ляжыць камень – валун, адзін з самых адметных беларускіх валуноў, чатыры на паўтара метра, формай нагадвае воз з сенам. Ён аб’яўлены помнікам прыроды. Менавіта камень даў назву вёсцы. Пра яго існуюць аж тры легенды.
Паводле першай легенды, вёз аднойчы каменскі селянін воз сена. Стаў падымацца на гару і тут прыстаў яго конь і ані з месца. Давай гаспадар лупцаваць яго кнутом і праклінаць: “ Ах, каб ты, воўчы недаедак, каменем стаў!” Пасунуўся конь, усцягнуў такі воз на гару і зноў спыніўся, цяпер ужо як укопаны. Мужык выйшаў з сябе, стаў яшчэ мацней лупцаваць каня, ды толькі конь зусім знік, апусціў галаву, як быццам і ўдараў не адчувае. Азірнуўся мужык паглядзець як там воз, ці трымаецца, і аслупянеў ад здзіўлення і страху: няма воза, а замест яго ляжыць шэры велічыней з воз камень. Адвярнуўся каня распрэгчы, а там ляжыць такой жа, як у ягонага коніка, масці, камень...
Другая легенда гаворыць аб тым, што калісьці на месцы каменя стаяла хата шаўца. Майстрам ён быў умелым, але і скупердзяй – такіх свет не бачыў! Прагнасць і зрабіла яго нячыстым на руку. Ён завёў дружбу з д’ябламі, разам з імі піў ды прыдумваў, як з даверлівых сялян найбольш грошай садраць. Па старому звычаю, перад кожным святам да шаўца народ валам валіў – боты заказваць. Шыў ён хутка і фасоніста, браў за гэта вялікія грошы, а тым часам д’яблы, сябрукі яго, рыхтавалі злачынства.
Надыходзіла свята. Людзі ў новых ботах ішлі на багамолле, а д’яблы, зрабіўшыся нябачнымі, ужо чакалі іх каля царквы. Нічога не падазраючы, людзі любаваліся сваім прыгожым абуткам, але дастаткова ім было зрабіць яшчэ два-тры крокі, як боты развальваліся, а падэшвы і ўвогуле знікалі. Напачатку даверлівыя сяляне лічылі гэта божай карай за утоеныя на споведзі грахі і да наступнага свята, сабраўшы грошай, зноў ішлі да шаўца заказваць абутак, а на споведзі выкладалі ўсё, у чым правініліся перед богам.
Аднак выходзячы з царквы, зноў аказваліся ні з чым. Боты, як і раней, развальваліся.
Так людзі гаравалі, шавец нажываўся, а д’яблы бражнічалі з ім і рабілі свае д’ябальскія справы, пакуль нехта не западозрыў нядобрае. Пачалі сачыць за хатай шаўца. І аднойчы накрылі ўсю д’ябльскую шайку за чарговай папойкай. Акружыў народ хату, стаў выклікаць шаўца на суд. А той – дзверы на засоўку і не ведае, як быць. Чэрці ўраз у падполле схаваліся. Тут з грамады выйшаў стары, наблізіўся да вакна, за якім быў відзён спалоханы шавец і прамовіў даўнішняе народнае закляцце:
- Каб ты каменем стаў!
Кара прыйшла тут жа, разам з перуном, маланкай і страшэнным ліўнем: хата акамянела! Акамянеў і злодзей шавец і яго сябры д’яблы.
Па трэцяй легендзе, камень-валун з’явіўся на гэтым месцы таму, што яго тут кінуў д’ябал, які нёс гэты камень, каб заваліць ім дзверы ў касцёле, у якім падчас свята сабраліся ўсе жыхары мястэчка (меркавалася, што вёска была ў тыя часы вялікім мястэчкам). Але калі тры разы пракукарэкаў певень, то д’ябальская сіла, неўзабаве, скончылася і ён мусіў кінуць камень. Вось і застаўся ён ляжаць на гары, дзе ляжыць і зараз.
Маршалкі
Пачалося усё з таго, што карэннымі жыхарамі вёскі з’яўляюцца Лоўчыя, усе ж астатнія прозвішчы прынеслі ў вёску прымакі. Адкуль жа такое прозвішча – Лоўчыя? Высветлілася, што замацавана яно за людзьмі, якія пры маршалку (маршалак – “предводитель дворянства» або шляхта ў час Вялікага княства Літоўскага) выконвалі абавязкі лоўчых. З сабакамі адпраўляліся яны ў лес на паляванне, якім забаўляўся маршалак з запрошанымі высокімі гасцямі. Ад майстэрства і кемлівасці лоўчых залежыў улоў – паляўнічыя трафеі. Маршалак цаніў лоўчых – знатакоў сваёй справы і даў ім зямельныя надзелы, на якіх яны абаснаваліся моцна і трывала.
Будучы ў Маршалках і зараз можна пачуць такую гутарку сярод дзяцей: “Куды пойдзем у ягады?” “Давайце пад Капліцу”. Ці, напрыклад, такое: “Дзе навязваеш карову?” – “У Дубніку”. Адкуль такія назвы? У дубніку няма ніводнага дуба і што такое Капліца таксама не ведалі. Дапамаглі знаходкі. Калі вяскоўцы паглыблялі сажалку, выкапалі горныя астанкі дуба, а капаючы пад капліцай гліну на новыя печы, знаходзілі каменныя пліты.
Расло тут і дзіўнае дрэва, якога ніхто не бачыў. Ёсць думка, што двор маршалка стаяў калісь паблізу крыніцы – вадаёма ў засені дубоў, а на ўзгорку ўзвышалася капліца.
Як з гэтага бачна, Маршалкі – старажытная вёска. Налічвае яна некалькі стагоддзяў. А словы Маршалкі, Лоўчыя, Дубкі, Капліца – гэта словы-помнікі, помнікі сівой мінуўшчыны.
Багата наваколле Маршалак тапанімамі – назвамі зямельных угоддзяў: Падцераб, Ніўкі, Чортава балотца, Кавалёва дарога, Пустка, Батуры і іншыя. Гэтыя назвы засталіся ў спадчыну ад нашых далёкіх – блізкіх нам продкаў.
Пяршаі
Даўным-даўно ў адной з валожынскіх вёсак жыла чароўная дзяўчына- прыгажуня. Пра яе прыгажосць хадзілі па ваколіцах спраўдныя легенды. І вось калі гэтыя легенды дайшлі да Васіля, то ён адправіўся шукаць прыгажуню. Васіль быў прыгожым юнаком. Ён умеў рабіць прыгожыя рэчы.
Хадзіў ён доўга ці мала. І вось аднойчы ўбачыў каля ракі дзяўчыну, якая сядзела на беразе і плакала. Гэтай дзяўчынай была Галя-прыгажуня. Васіль, каб развесяліць яе, падарыў незвычайнае люстэрка, якое ён зрабіў сваімі рукамі. З гэтага моманту яны пакахалі адзін аднаго з першага погляду. І з гэтага дня Васіль і Ганна пачалі сустракацца. За Галяй, за яе дзеяннямі, пачалі сачыць людзі князя Барына.
Вось і рашаюць Васіль і Ганна ўцячы. Васіль сказаў Ганне, што ёсць у мястэчку, непадалёку ад вёскі, знахарка. Прышоўшы да знахаркі, яны расказалі ёй аб сваёй бядзе. Знахарка ім адказала: “Што будзе ў маіх сілах, тое і зраблю”.
Ішлі Васіль і Ганна шчаслівыя. Радасныя. Але не было суджана застацца каханым разам на ўсё жыццё. Па дарозе дадому Ганне зрабілася дрэнна. Яна памерла на руках у Васіля, з якім хацела дзяліць іх радасці і гора. А люстэрка, якре падарыў Васіль разбілася, і на гэтым месцы ўтварыўся прыгожы лясок.
Там, дзе памерла прыгажуня – Ганна, першая і апошняя каханка Васіля, Васіль паставіў помнік. На гэтым помніку ён напісаў: “Першая і апошняя ў маім жыцці каханка”. Да нашых дзён помнік не захаваўся, але той, хто ўспеў, яго пабачыць, гаварыў, што засталося на помніку толькі слова “Першая”.
І з гэтага часу сталі зваць мястэчка, дзе пражывала прыгажуня-Ганна, Пяршая.
Другая легенда гаворыць, што даўным-даўно пасяліўся ў вёсцы знакаміты каваль-чараўнік. Зваўся ён Перш, або Пяршай. Збудаваў ён кузню. На ўсім вясковым наваколлі ўсе расказвалі аб яго сіле і магутнасці. Гаварылі, нібыта з жалеза ён каваў кветкі, якія ажывалі. Ён прыносіў людзям дабро, шчасце, спакой. Людзі любілі яго за тое, што ён ніколі не адмаўляў ім і дапамагаў, чым мог. З тых далёкіх часоў вёску называюць Пяршаі ў гонар надзеі, дабрыні, спачувальнасці да людзей.
|